МІЖНАРО́ДНЫЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ пастаянныя аб’яднанні міжурадавага і няўрадавага характару, якія ствараюцца на аснове міжнар. пагаднення (статута або інш. ўстаноўчага дакумента) з мэтай садзейнічання вырашэнню міжнар. праблем і развіццю ўсебаковага супрацоўніцтва дзяржаў. Пачалі ўзнікаць у 19 ст., найб. пашырыліся пасля 2-й сусв. вайны. Маюць устаноўчы дакумент, які рэгламентуе структуру, асн. мэты і кірункі дзейнасці, пастаянны або рэгулярны характар дзейнасці. У якасці асн. метаду дзейнасці выкарыстоўваюць шматбаковыя перагаворы і абмеркаванні праблем. Рашэнні прымаюцца шляхам галасавання або кансенсусу. Іх рашэнні, як правіла, маюць сілу рэкамендацый. Адрозніваюць міжнародныя міжурадавыя арганізацыі і міжнародныя няўрадавыя арганізацыі, а таксама сусветныя і рэгіянальныя арг-цыі.

т. 10, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)